КАКА́НДСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1873—76,
народнае паўстанне на тэр. Какандскага ханства (у 1710 вылучылася з Бухарскага ханства) пад кіраўніцтвам Ісхака Мулы Хасан-аглы (Пулат-бека). Пачалося як рух качэўнікаў-кіргізаў супраць самавольства і вял. падаткаў мясц. правіцеля Худаяр-хана. На працягу 1874—75 адбываліся сутыкненні паміж паўстанцамі і ханскімі войскамі. Калі сыны хана Насрэдзін-бек, Муратбек і военачальнікі разам са сваімі атрадамі далучыліся да паўстанцаў, Худаяр уцёк у Ташкент пад абарону рас. войск. Абвешчаны ханам Насрэдзін 22.9.1875 тайна заключыў з туркестанскім ген.губернатарам К.П.Каўфманам дагавор, паводле якога прызнаў сябе васалам Расіі. Гэта выклікала новы ўздым паўстання, якое набыло нац.-вызв. характар. Паўстанцы, якія абвясцілі ханам Пулат-бека, пасля шэрагу поспехаў у студз.—лют. 1876 разбіты рас. войскамі на чале з ген. М.Дз.Скобелевым каля Андыжана, Асаке і ў крэпасці Учкурган. Пулат-хан уцёк з Учкургана, але быў злоўлены і пакараны смерцю. Какандскае ханства ўключана ў склад Расіі як Ферганская вобл. у Туркестанскім краі.
т. 7, с. 442
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)